Міліцыя не знайшла асобаў, якія напісалі „ЛНР сіла”
Старшыні РГА „Перспектыва” Анатолю Шумчанку адмоўлена ў распачынанні справы па арт. 339 КК (хуліганства) па факце нанясення на аўтамабіль яго жонкі надпісу „ЛНР сіла”. Як паведаміў лідар прадпрымальніцкага руху, такі адказ ён атрымаў з УУС Маскоўскага раёна сталіцы.
Адзначаецца, што ў ходзе праведзенай міліцыяй праверкі ўстанавіць асобу чалавека, які нанёс надпіс, не было магчымым. Акрамя таго, падкрэсліваецца, што пашкоджанняў машына не мела. Пры такіх акалічнасцях, на думку супрацоўнікаў УУС, падстаў для распачынання крымінальнай справы няма.
Як мяркуюць у міліцыі, у дзеяннях неўстаноўленай асобы бачацца прыкметы правапарушэння па ч. 1 арт. 17 КоАП (дробнае хуліганства). Паведамляецца, што пры ўстанаўленні вінаватай асобы будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці.
„Рашэнне было чаканым, а мае дзеянні для міліцыі будуць, магчыма, нечаканымі. Сёння я азнаёміўся з матэрыяламі праверкі, і маю намер скласці скаргу ў пракуратуру і буду настойваць на тым, каб была праведзена ўсебаковая, аб’ектыўная і глыбокая праверка”, — сказаў Шумчанка.
Паводле слоў лідара „Перспектывы”, у сваёй заяве ён указваў канкрэтнага чалавека, жыхара навакольных дамоў, які, на яго думку, можа быць датычны да інцыдэнту, паколькі падтрымлівае дзеянні сепаратыстаў на паўднёвым усходзе Украіны. „Аднак у матэрыялах праверкі я не ўбачыў апытання гэтага чалавека. На мой погляд, тут напрошваюцца дзве высновы: альбо гэта некампетэнтнасць супрацоўнікаў, альбо ў наяўнасці пакрывальніцтва гэтага чалавека”, — сказаў Шумчанка.
Як раней паведамлялася, раніцай 10 лютага Анатолю Шумчанку патэлефанавалі суседзі і сказалі, што на прыпаркаваным у двары аўтамабілі яго жонкі хтосьці чырвонай фарбай напісаў лозунг: „ЛНР сіла”. Таксама пад шчоткі лабавога шкла паклалі копіі долараў ЗША. Лідар „Перспектывы” падкрэсліў, што прыкладна за месяц да інцыдэнту да яго звярталася „нейкая арганізацыя прадпрымальнікаў з ЛНР, якая прасіла дапамагчы ім”, але ён адказаў: „Перспектыва” гатова супрацоўнічаць з прадпрымальнікамі Украіны, а што такое ЛНР — я не ведаю”. Шумчанка перакананы, што правакацыя з машынай накіравана перш за ўсё супраць яго і звязана гэта з яго „актыўнай пазіцыяй у дачыненні да цэласнасці Украіны”, ён расцаніў тое, што адбылося, як „палітычную правакацыю сепаратыстаў з Данбаса”.