Міліцыя не знайшла складу адміністрацыйнага правапарушэння ў дзеяннях Генадзя Фядыніча



Міліцыя не знайшла складу адміністрацыйнага правапарушэння ў дзеяннях лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, які адбывае „хатнюю хімію”. Пра гэта прафсаюзны лідар паведаміў БелаПАН.

30 сакавіка ён быў затрыманы ў сваёй кватэры ў Менску. Да Фядыніча прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі па падазрэнні ў знаходжанні ў нецвярозым стане. Прафсаюзны лідар сцвярджаў, што ён цвярозы і не парушаў умоў „хатняй хіміі”. Яго даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна Менска для агляду.

Разглядам пратакола, складзенага на падставе ч. 1 арт. 17.3 КоАП, займаўся намеснік начальніка РУУС Цэнтральнага раёна падпалкоўнік Аляксандр Басаў. „Прынята рашэнне, што не знойдзена складу правапарушэння, адміністрацыйны працэс закрыць. Тое, што было напісана ў пратаколе, што я быў у стане алкагольнага ап’янення і неахайным выглядзе, на відэазапісе не пацвердзілася”, — сказаў Фядыніч.

Разам з тым, паводле яго слоў, вынесеная 3 красавіка міліцыяй вымова за парушэнне рэжыму адбыцця „хатняй хіміі” засталася ў сіле.

24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Менска прызнаў лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая „хатняя хімія”) з пяцігадовай забаронай займаць кіруючыя пасады.

Фядыніч і Комлік віны не прызналі.

Паводле ўмоў „хатняй хіміі” Фядыніч павінен знаходзіцца дома пасля 19.00 у будныя дні і не мае права пакідаць кватэру ў выхадныя. Яму забаронена ўжываць алкаголь на ўвесь тэрмін пакарання. Супрацоўнікі міліцыі могуць прыйсці да Фядыніча дадому ў любы час сутак, каб праверыць выкананне гэтых умоў.

belapan.by