Міліцыя не знайшла вінаватых у апаганьванні помніка Жызнеўскаму
Міліцыя не можа знайсці вандалаў, якія апаганілі помнік Міхалу Жызнеўскаму.
Месца пахавання героя Нябеснай сотні было апаганенае месяц таму. На надмагіллі невядомыя накрэмзалі цвіком слова „здраднік”, а таксама з помніка быў сарваны вянок.
Маці забітага Ніна Васільеўна лічыць, што міліцыя прыехала толькі таму, што помнік быў застрахаваны:
– Калі б помнік не быў застрахаваны, яны б увогуле нават не прыехалі і нічога б не сказалі і ўсё. Міліцыя кажа, што гэта падлеткі зрабілі. Падлеткам гэта не трэба, яны цяпер нават такіх слоў не ведаюць – здраднік. Вы і самі цудоўна ведаеце, што яны сядзяць усе ў інтэрнэце на сваіх сайтах, на сваіх чатах, ім не да могілак, каб там бегаць і гэта ўсё рабіць.
Міхал Жызнеўскі быў адным з першых актывістаў, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве ў пачатку 2014 года.
Помнік на магіле героя Нябеснай сотні ў выглядзе разгорнутай кнігі ўсталявалі пры дапамозе ўкраінскіх і беларускіх валанцёраў. Помнік будзе адрэстаўраваны за кошт страхавой кампаніі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель