Міліцыя затрымала каля 100 чалавек падчас сённяшніх акцый у Менску
Міліцыя паведамляе пра затрыманне каля 100 чалавек 23 студзеня ў Менску падчас акцый пратэсту.
„Сёння на тэрыторыі Менска праходзяць кароткачасовыя несанкцыянаваныя акцыі, удзел у якіх бярэ нешматлікая колькасць чалавек. Уздоўж дарог з’яўляюцца ланцужкі людзей (да 30 чалавек), якія праз некалькі хвілін разыходзяцца. Дадзеныя акцыі праводзяцца з мэтай фатаграфавання і размяшчэння фатаграфій у розных інтэрнэт-крыніцах і накіраваныя на фармаванне ў грамадства маштабнасці пратэстнага руху”, — паведамляе тэлеграм-канал „Міліцыя Мінска”.
Адзначаецца, што ўдзельнікі несанкцыянаваных мерапрыемстваў неаднаразова папярэджваліся аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў, „найбольш актыўныя асобы затрыманыя — каля 100 грамадзян, у дачыненні да якіх праводзіцца праверка ў межах дзейнага заканадаўства”.
Сталічная міліцыя ў чарговы раз заклікае грамадзян „не паддавацца на правакацыі і не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах”.
Як паведамлялася, 23 студзеня менчане і жыхары іншых гарадоў Беларусі, а таксама прадстаўнікі беларускіх дыяспар за мяжой праводзяць акцыі ў падтрымку Ігара Лосіка, які саракавы дзень галадае ў мінскім СІЗА, з патрабаваннем вызвалення яго і ўсіх іншых палітвязняў.
Каля 15.00 людзі па ўсёй Беларусі пачалі ўставаць у ланцугі салідарнасці. Гэта першы агульнанацыянальны пратэстны выхад гэтай зімой.
belapan.by