Міліцыя пракаментавала аблаву на рынку „Лебядзіны”



У прэс-службе ГУУС Менгарвыканкама пацвердзілі затрыманне групы іншаземцаў на сталічным рынку „Лебядзіны” 6 лютага.

Пра затрыманне парталу tut.by  паведамілі відавочцы, паводле слоў якіх, днём у аўторак людзі ў цывільным хадзілі паміж фур, дзе прадаюць агародніну, адлоўлівалі прадаўцоў і адводзілі іх у міліцэйскі аўтазак. Былі затрыманыя прыблізна дзесяць чалавек.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Кірыл Майсеня, праверку на „Лебядзіным” праводзілі супрацоўнікі дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — яны правяралі дакументы ў іншаземцаў. „Гэта нармальная з’ява ў мэтах высвятлення асобы. Такія праверкі перыядычна праходзяць”, — дадаў Майсеня.

Пры гэтым ён не стаў адказваць на пытанне, колькі чалавек затрыманыя і якія меры ў іх дачыненні прынятыя.

У адміністрацыі ГД „Ждановічы”, на тэрыторыі якога размешчаны „Лебядзіны”, пацвердзілі, што такія праверкі праводзяцца перыядычна.

Згодна са звесткамі ГУУС, у 2017 годзе толькі ў межах аперацыі „Нелегал”, якая прайшла 27—30 верасня, да адміністрацыйнай адказнасці ў Мінску прыцягнулі 500 замежнікаў, з іх 33 вырашылі дэпартаваць. Аформлена штрафаў на 33 тысячы долараў.

belapan.by