Міліцыя праводзіць праверку па факце траўмавання пяцігадовай дзяўчынкі



Упраўленне ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама праводзіць праверку па факце траўмавання пяцігадовай дзяўчынкі. Юлія Чэрэўха пацярпела падчас пратэстаў 11 жніўня.

Як распавёў бацька дзяўчынкі Уладзімір, вечарам ён з сям’ёй ехаў у сваёй машыне па Гародні. Аўтамабілісты сігналілі, выказваючы падтрымку пратэстоўцам супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў.

Нечакана на вуліцы Паповіча да таксі перад машынай Уладзіміра падбеглі не менш за пяць сілавікоў у чорнай форме і пачалі біць шыбы. Пры гэтым ззаду ў аўтамабіль урэзалася ваенная машына «Тыгр». Шкло пасыпалася на дачку, якая сядзела на заднім сядзенні. Дзяўчынка моцна паранілася, твар быў у крыві. Уладзіміра ўдарылі дубінкай па галаве, пазней затрымалі і павезлі браць паказанні па дадзенай сітуацыі. Дзяўчынка з маці ноч правялі ў шпіталі, днём 12 жніўня іх адпусцілі пад распіску.

Як гаворыцца на сайце Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама, там «старанна высвятляюць усе акалічнасці» таго, што здарылася. «Будуць прыняты меры, каб абараніць правы дзіцяці», – гаворыцца ў паведамленні.

У міліцыі заклікалі бацькоў улічваць абстаноўку ў краіне, пазбягаць наведвання з дзецьмі месцаў масавага збору людзей, не браць дзяцей на несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com