Міліцыя склала чарговыя пратаколы на абаронцаў Курапатаў
Супрацоўнікі міліцыі 20 чэрвеня склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў на абаронцаў Курапатаў каля ўваходу ў рэстаранна-забаўляльны комплекс „Поедем поедим”, супраць працы якога яны пратэстуюць.
Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, на яго было складзена два пратаколы па артыкулах аб дробным хуліганстве і перашкодзе працы грамадскай установы. Пратакол аб дробным хуліганстве быў складзены на Вольгу Нікалайчык.
Раней міліцыя затрымала некалькіх абаронцаў Курапатаў на некалькі гадзін, каб скласці адміністрацыйныя пратаколы ў аддзяленні міліцыі.
Акрамя таго, сёння на Севярынца былі складзеныя тры пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху, на Нікалайчык і актывіста Леаніда Кулакова — па адным.
Севярынец паведаміў, што за час дзяжурства (з 12 гадзін) рэстаран наведала некалькі чалавек, машыны на тэрыторыю комплексу не прапускаліся.
Акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля Курапатаў праходзяць з 31 траўня.