Міліцыя спрабавала перашкодзіць ІП патрапіць на сход „Салідарнасці”



Міліцыя спрабавала перашкодзіць васьмі прадпрымальнікам і грамадскім актывістам з Ваўкавыска і Зэльвы патрапіць на ўстаноўчы сход грамадскай арганізацыі „Камітэт падтрымкі прадпрымальнікаў „Салідарнасць”. Іх машыну затрымалі пасля выезду з Зэльвы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах жыхара гэтага гарадскога пасёлка Віктара Ламекі, які знаходзіўся ў затрыманым аўтамабілі, супрацоўнікі ДАІ заявілі кіроўцы, быццам дакументы тэхнічнага агляду машыны падробленыя:

Мне прадставілі дыягнастычную карту, у якой пахвілінна было распісана праходжанне тэхагляду дадзенага транспартнага сродка, што ніякіх парушэнняў у фальсіфікацыі ён не мог дапусціць. Мяркую, што супрацоўнікаў міліцыі не вельмі цікавіла гэтае пытанне, бо яны нават не канфіскавалі дадзеныя дакументы, а проста выклікалі падмогу і прывезлі нас у РАУС.

Па словах Віктара Ламекі, галоўная мэта міліцыі была як мага даўжэй пратрымаць іх у пастарунку без складання пратаколаў. Затрыманыя прадпрымальнікі напісалі скаргі на такія дзеянні. У выніку пратакол аб затрыманні склалі. Пасля трох гадзін знаходжання ў міліцыі ўсіх вызвалілі, але прымусілі даць тлумачэнні супрацоўнікам падатковай інспекцыі. У выніку прадстаўнікі прадпрымальнікаў Ваўкавыска і Зэльвы спазніліся на сход у Менску. Аднак здолелі ўзяць удзел у яго завяршальнай частцы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара