Міліцыя ўстанавіла асобу чалавека, які пагражаў выбухам тутбаю
Міліцыя ўстанавіла асобу чалавека, які пагражаў выбухам у будынку, дзе знаходзіцца офіс ТАА „100 РАБОТ ТУТ”, у Менску.
„У 9.48 у службу „102” патэлефанавалі з офіса „Работа.tut.by” і паведамілі аб абразах і пагрозе выбуху ад падпісчыка на рассылку апавяшчэнняў. На месца выбывалі следча-аператыўная група, сапёрна-піратэхнічная служба. Выбухованебяспечных рэчываў не выяўлена. Асоба, якая пагражала, вызначаная. Праводзіцца праверка”, — паведаміла ў „Твітэры” ГУУС Мінгарвыканкама.
У ГУУС таксама ўдакладнілі, што пагражаў мужчына 1988 года нараджэння. „Характэрны той факт, што ў 2016-м ён судзімы паводле артыкула 340 КК Беларусі за загадзя непраўдзівае паведамленне пра небяспеку”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
На пошту кампаніі прыйшло як мінімум два дзіўныя лісты з розніцай прыкладна ў 20 хвілін. „Невядомы прасіў спыніць адпраўку нейкіх паведамленняў, інакш „узарвем цябе і твой офіс” і будзе „выбух будынка на Дзяржынскага”. Супрацоўнікі звярнуліся ў міліцыю”, — паведамляў tut.by.
Эвакуацыя не спатрэбілася, памяшканне праверыў кінолаг са службовым сабакам.
belapan.by