Міліцыя вярнула тэхніку карэспандэнту „Газеты Слонімскай”



Міліцыя вярнула Язэпу Палубятку, уласнаму карэспандэнту „Газеты Слонімскай” у Мастах (Гарадзенская вобласць) і кіраўніку Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), раней канфіскаваную ў яго тэхніку, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Разам з тым Палубятка паведаміў БАЖ, што ў міліцыі засталіся некаторыя яго рэчы, у прыватнасці „сцяг, партыйныя часопісы і дакументы, міліцэйскія шаўроны пачатку 1990-х гадоў, дзве флэшкі з літаратурнымі творамі і чарнавікамі”.

Язэпа Палубятку затрымалі 22 сакавіка. У 11.00 ён па позве з’явіўся на допыт у міліцыю, і дадому ў той дзень не вярнуўся. У яго дома правялі вобшук — агледзелі паперы, кнігі, часопісы, забралі сістэмны блок камп’ютара, мабільны тэлефон, які журналіст пакінуў дома, сканар і фотаапарат.

25 сакавіка Палубятку аштрафавалі на 435 рублёў (15 базавых велічынь) за „адзіночны пікет”, якім суд палічыў знаходжанне на падаконніку ў яго мастоўскай кватэры бел-чырвона-белага сцяга з ружай.

„Язэп Палубятка выйшаў на волю з-пад варты ў Дзень Волі, крыху менш чым праз 72 гадзіны пасля затрымання. Увесь гэты час родныя і калегі не маглі атрымаць інфармацыю, што адбываецца, чаму яго затрымалі”, — паведамілі ў БАЖ пасля вызвалення журналіста.

У дзень затрымання Палубяткі прэзідыум БСДП (Грамада) выказаў рашучы пратэст у сувязі з пераследам па палітычных матывах членаў партыі і яе старшыні Ігара Барысава (быў затрыманы 21 сакавіка па дарозе ў краму, на наступны дзень яго арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы).

„Мяркуем, што дзеянні сілавікоў у дачыненні да членаў партыі, журналістаў і грамадскіх актывістаў накіраваныя на застрашванне беларусаў перад святкаваннем 103-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці БНР. Лічым, што затрыманні беларусак і беларусаў яшчэ больш пагаршаюць імідж дзяржавы на міжнароднай арэне”, — гаварылася ў заяве БСДП.

У партыі лічаць „гвалтоўныя затрыманні, вобшукі і беспадстаўныя арышты палітычных апанентаў улады” „праявай адсутнасці грамадска-палітычнага дыялогу” і патрабуюць „спыніць сілавое ўздзеянне на грамадзян і перайсці ў цывілізаванае рэчышча вырашэння палітычнага крызісу шляхам перамоў”.

belapan.by