Міліцыя Заслаўя выклікае ўдзельнікаў акцыі «Астравецкі шлях» (абноўлена)



Міліцыя пачала пераслед удзельнкаў „Астравецкага шляху” – акцыі, накіраванай супраць пабудовы атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Першы яе этап адбыўся ў Заслаў’і 26 траўня. Была пададзена заяўка на правядзенне шэсця і мітынгу. Аднак мясцовыя ўлады на яе нават не адказалі, – распавёў адзін з заяўнікаў мерапрыемства, сябра руху салідарнасці „Разам” і Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Таму вырашана было адмовіцца ад шэсця і правесці круглы стол аб небяспецы ядзернай энергетыкі і Астравецкай АЭС у прыватнасці:

– Адбыўся круглы стол з удзелам вядомага спецыяліста па гэтай праблематыцы прафесара Лепіна.  У круглым стале ўдзельнічала каля 20 чалавек. І вось прайшло крыху больш за тыдзень, і зараз удзельнікі круглага стала пачалі атрымліваць позвы на аўторак 5 чэрвеня у Заслаўскае УУС як асобы, супраць якіх вядзецца адміністрацыйны працэс па парушэнні артыкула  адміністрацыйнага кодэкса – арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве

Гэта сведчыць пра тое, што ўлады баяцца „Астравецкага шляху”, яго працягу. А наступная акцыя ў рамках гэтага мерапрыемтсва павінна адбыцца 26 чэрвеня ў Радашковічах. Таму ўлады вырашылі прэвентыўна запалохваць яе ўдзельнікаў. Прычым нягледзячы на тое, што ніякага масавага вулічнага шэсця ў Заслаў’і не было, а быў толькі круглы стол, – адзначчае Ігар Лялькоў. Ён лічыць, што павесткі ў міліцыю атрымаюць усе ці амаль усе яго ўдзельнікі. Зараз, акрамя Ігара Лялькова, павесткі прыйшлі Змітру Кучуку, Ніне Багінскай, Вользе Нікалайчык, Яну і Вользе Лагвіновічам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Удзельнікаў акцыі «Астравецкі шлях» супраць будаўніцтва Беларускай АЭС, якая прайшла 26 траўня ў Заслаўі, выклікаюць у мясцовае аддзяленне міліцыі. Вядома, што позвы для складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні атрымалі Вячаслаў Сіўчык, Ігар Лялькоў, Іван Лагвіновіч. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт. 23.34 КаАП.

У сацыяльных сетках паведамляецца, што на 5 чэрвеня ў Заслаўскі аддзел міліцыі Менскага РАУС выклікаюць жыхара Маладэчна Івана Лагвіновіча і жыхара Менска Ігара Лялькова.

Нагадаем, 26 траўня ў Заслаўі пад Менскам прайшла акцыя «Астравецкі шлях» супраць будаўніцтва Беларускай АЭС, у якой бралі ўдзел паўтара дзясятка чалавек, сярод якіх актывісты партыі «Зялёныя» і БХД, жыхары Заслаўя, Маладэчна, Радашковіч.

Прычым Менскі райвыканкам не дазволіў заяўнікам арганізаваць мітынг і тады яны прынялі рашэнне правесці экскурсію па горадзе і круглы стол для абмеркавання праблемы, а таксама  збор подпісаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Арганізатары заявілі, што падобныя акцыі плануецца праводзіць штомесяц у розных гарадах Беларусі.

Паводле spring96.org