Міліцыя затрымала абаронцу Курапатаў Наталлю Гарачку



Прыкладна ў 14.45 1 ліпеня каля ўваходу ў забаўляльны комплекс з рэстаранам „Поедем, поедим” міліцыя затрымала актывістку Наталлю Гарачку.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў, Гарачка знаходзілася ў Курапатах каля 15 хвілін, пасля чаго прыехаў мікрааўтобус, з якога выйшлі тры чалавекі, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі, прапанавалі актывістцы праехаць з імі.

Верагодна, Гарачку чакае суд па абвінавачанні ў адміністрацыйным правапарушэнні, аднак, калі ён пройдзе ў сувязі з выхаднымі днямі, пакуль невядома.

Напярэдадні былі затрыманыя і арыштаваныя на 10 сутак сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і Вольга Нікалайчык. Справу Севярынца разглядаў суд Фрунзенскага раёна Менска.

Палітык быў затрыманы раніцай 30 чэрвеня супрацоўнікамі АМАПа каля свайго дома. Пасля затрымання яго даставілі ў суд. Перад вынясеннем рашэння суда Севярынец паведаміў БелаПАН, што разглядалася не менш за пяць пратаколаў, складзеных у дачыненні да яго: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, перашкоду працы грамадскай установы, дробнае хуліганства, супраціў патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушэнне правілаў дарожнага руху.

Раніцай 30 чэрвеня таксама былі затрыманыя актывісты па абароне Курапатаў Барыс Анікееў, Вольга Нікалайчык і Дзяніс Урбановіч. Іх даставілі ў Першамайскае РУУС сталіцы. Анікееў быў адпушчаны пасля размовы ў міліцыі. Нікалайчык была арыштаваная на 10 сутак. Дакладнай інфармацыі ў дачыненні да Урбановіча пакуль няма, бо ён не пражывае ў Менску. Верагодна, ён учора таксама быў арыштаваны, паколькі яго тэлефон адключаны.

Севярынец, Нікалайчык, Урбановіч і Гарачка з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту супраць працы забаўляльнага комплексу ў Курапатах.

Акцыі супраць працы гэтай установы праходзяць з 31 траўня. У дачыненні да многіх актывістаў складаліся пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

1 ліпеня каля рэстарана нясуць вахту сем чалавек.

belapan.by