Міліцыя затрымала падпальшчыка машын у Заводскім раёне Менска



Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Менска затрымалі 38-гадовага непрацуючага мужчыну, які ў ноч на 7 ліпеня падпаліў тры машыны, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Заводскага РУУС Менска Вольга Стральчонак.

Яна нагадала, што паведамленне аб узгаранні трох машын у двары жылых дамоў па вуліцы Амельянюка паступіла 7 ліпеня ў 5.45. „Таксама на стаянцы былі раскіданыя курыныя тушкі, свіныя вушы і языкі, грашовыя купюры наміналам пяць долараў ЗША, разліты два слоікі фарбы чырвонага колеру. Пад кожным пашкоджаным аўтамабілем былі каністры з гаручай вадкасцю. Варта адзначыць, што адна каністра знаходзілася пад яшчэ адным аўтамабілем , але яна не ўспыхнула”, — сказала Стральчонак.

Матывы здарэння высвятляюцца.

Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта ў дачыненні да затрыманага па факце падпалу машын распачаў справу па ч. 3 арт. 218 КК Рэспублікі Беларусь ( „Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці”). Санкцыя названай часткі артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі ад сямі да дванаццаці гадоў.

Раней мужчына да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

belapan.by