Міліцыя здушыла начныя пратэсты ў Менску
Раніца пасля сутычак з сілавікамі ў Менску адзначаецца большай цішынёй у дварах і распаўсюдам інфармацыі пра ўчорашнія напады сілавікоў на людзей. Пакуль да канца не ўдаецца зразумець, ці пачалася агульнанацыянальная забастоўка.
Падрабязней пра сітуацыю ў беларускай сталіцы наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:
Ранак у Менску спакайнейшы за звычайны. Як у цэнтры так, і ў аддаленых раёнах горада, адпаведна з тым, што бачыў я на ўласныя вочы і з інфармацыяй, якая да мяне паступае ў гэтыя хвіліны, супрацоўнікі міліцыі ходзяць дварамі і глядзяць на людзей, шукаючы, верагодна тых, хто мае сляды пашкоджанняў. Метро на цэнтральных станцыях працуе спраўна, ім карыстаецца шмат чалавек, але чуваць размовы пра забастоўку. Нягледзячы на глабальную блакаду інтэрнэт-рэсурсаў, якая трывае ў Менску, як і ў рэгіёнах, да ўсё большай колькасці людзей даходзіць інфармацыя пра зверствы сілавікоў, наколькі магу разумець, людзі, якія ўчора знаходзіліся дома, ужо даведваюцца і пра першую гібель на пратэстах.
Банкаўскія карткі і сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуюць — такую інфармацыю я спраўдзіў сам у Менску, а таксама мне перадалі падобныя звесткі з Магілёўшчыны. Людзі могуць аплаціць пакупкі і камунальныя паслугі не гатоўкай, а якраз карткай. Верагодна, выкарыстоўваецца нейкі зашыфраваны канал сувязі, недаступны звычайным карыстальнікам „Белтэлекама”. Ужо з раніцы асобы, якія знаюцца на справе камп’ютарных тэхналогіяў, пачалі дапамагаць іншым усталёўваць праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе доступ, у прыватнасці, да Тэлеграма і Твітэра, дзе ўжо сабралася шмат відэазапісаў і фотаздымкаў учорашніх пратэстаў як у Менску, так і ў Кобрыні, Гомелі, Пінску, Лідзе, Жлобіне і іншых гарадах.
Пакуль, паўтаруся, нічога не вядома аб маштабах агульнанацыянальнай забастоўкі, да якой заклікалі напярэдадні многія рабочыя і асобныя тэлеграм-каналы. Але відавочна адно: звесткам Цэнтрвыбаркаму не вераць нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку. У Менску да глыбокай ночы яшчэ стаялі дзясяткі людзей каля сваіх выбарчых участкаў, патрабуючы справядлівага падліку галасоў. Таму рэальная лічба тых, хто ўчора выйшаў на пратэсты супраць дыктатуры і несвабодных выбараў насамрэч большая, чым тая немалая колькасць людзей, якую мы бачым на фотаздымках з цэнтру горада.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя