Міліцыя знайшла экстрымізм на сайце „Вячэрняга Магілёва”



Два матэрыялы, апублікаваныя на сайце газеты „Вечерний Могилев”, міліцыя палічыла экстрэмісцкімі, паведамляецца ў афіцыйнай групе выдання ў сацыяльнай сетцы „УКантакце”. 

28 чэрвеня з суда Ленінскага раёна Магілёва ў рэдакцыю прыйшла заява кіраўніцтва Ленінскага РАУС горада, у якой утрымліваецца просьба да суда прызнаць апублікаваныя матэрыялы экстрэмісцкімі. Гаворка ідзе пра два артыкулы, размешчаныя на сайце выдання ў 2015 і 2016 гадах. 

Як паведамлялася, Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй праяў экстрэмізму ў красавіку падрыхтавала заключэнне па матэрыялах на сайце, прысвечаных ЛГБТ-тэматыцы. Гэта было зробленае пасля звароту ў Міністэрства інфармацыі ЛГБТ-актывіста Валянціна Цішко. 

На думку прадстаўнікоў ініцыятывы „Журналісты за талерантнасць”, якая праводзіць маніторынг сродкаў масавай інфармацыі, магілёўскае выданне з’яўляецца „лідарам па выкарыстанні мовы варожасці ў беларускіх СМІ”. „У маніторынгу 2015—2016 гадоў, калі мы аналізавалі, як медыя пішуць пра ЛГБТК+, усе пяць самых жорсткіх матэрыялаў у рэйтынгу належалі гэтаму СМІ. Мова варожасці ў іх проста зашкальвала. Я дакладна ведаю, што гэтая газета здольная рабіць матэрыялы з экстрэмісцкімі выказваннямі. Радуе, што па пастаянстве агрэсіі яны ў Беларусі такія адны”, — пракаментавала раней сітуацыю прадстаўнік ініцыятывы Віёла Ермакова. 

У сувязі з пагрозай накладання штрафу рэдакцыя газеты ў афіцыйнай групе ў сацсетцы звярнулася да чытачоў з просьбай „аказаць спонсарскую дапамогу для выплаты адміністрацыйнага штрафу, які будзе накладзены на выданне паводле арт. 17.11 КоАП”. Рэдакцыя зрабіла гэта, „разумеючы бесперспектыўнасць судовых разглядаў ва ўмовах палітычнай замовы, якая паступіла з боку „блакітнага лобі”. 

Згодна з заканадаўствам інфармацыя забараняецца да распаўсюджвання як экстрэмісцкая на падставе рашэння суда. Мінінфарм вядзе рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У выпадку ўзнаўлення інфармацыі, уключанай у яго, грамадзянін можа быць прызнаны вінаватым на падставе артыкула 17.11 КоАП (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яго санкцыя прадугледжвае штраф ад 10 да 100 базавых велічынь.

belapan.by