Міліцыя зноў не дазволіла праціўнікам завода АКБ сабрацца на плошчы Леніна



У Берасці міліцыя зноў не дазволіла праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода сабрацца на плошчы Леніна.

12 ліпеня каля поўдня ў Берасці праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пачалі збірацца на плошчы на традыцыйную сустрэчу. З 25 лютага 2018 года такія сустрэчы праходзілі тут кожную нядзелю. Як паведаміў БелаПАН адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрый Бекалюк, супрацоўнікі міліцыі выцяснялі людзей з плошчы.

Такім чынам, праціўнікам завода не далі сустрэцца на плошчы чацвёртую нядзелю запар.

Паводле слоў Бекалюка, каля 50 са 100 тых, хто прыйшоў, адправіліся да будынка гарвыканкама, дзе ў папярэднія дзве нядзелі праходзілі сустрэчы з кіраўніцтвам Берасця і Берасцейскага раёна.

«У актавай зале гарвыканкама не было нікога з кіраўніцтва горада і раёна. А тыя, хто былі, сказалі, што не змогуць адказаць на пастаўленыя намі раней пытанні, у прыватнасці неабходнасці правядзення грамадскіх абмеркаванняў новай справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе акумулятарнага завода, – сказаў Бекалюк. – Пасля гэтага мы абмеркавалі на пляцоўцы ля будынка гарвыканкама свае далейшыя дзеянні да правядзення мясцовага рэферэндуму па заводзе».

Прыкладна ў 12.50 каля 45 праціўнікаў завода прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Як паведамлялася, правесці рэферэндум паабяцаў Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня падчас сустрэчы з грамадскасцю Берасця, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства. Рэферэндум плануецца арганізаваць пасля прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня.

Першае папярэдняе абмеркаванне арганізацыі рэферэндуму адбылося 28 чэрвеня. Прадстаўнікі грамадскасці сустрэліся са старшынёй Берасцейскага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком.

5 ліпеня аналагічная сустрэча адбылася з кіраўніцтвам Берасцейскага райвыканкама: старшынёй Уладзімірам Сенчуком і яго намеснікам Паўлам Валынцом.

На гэтых сустрэчах людзі казалі, што яны за канчатковае закрыццё акумулятарнага завода, пабудаванага, на іх думку, з грубымі парушэннямі заканадаўства, а да рэферэндуму неабходна правесці грамадскія абмеркавання новай справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе гэтага прадпрыемства.

Рагачук на сустрэчы паабяцаў, што пытанне аб правядзенні рэферэндуму будзе ініцыяванае гарсаветам, раённыя ўлады прапанавалі правесці яго або на тэрыторыі толькі аднаго Тэльмінскага сельсавета, альбо яшчэ і на тэрыторыі іншых сельсаветаў, якія таксама знаходзяцца недалёка ад гэтага завода. Рэферэндум на тэрыторыі Тэльмінскага сельсавета людзі ўхвалілі. Па іншых сельсаветах меркаванні падзяліліся. Па выніках абмеркавання гэтага пытання раённыя ўлады заявілі: грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі сельсаветаў, павінны ініцыяваць у іх рэферэндум шляхам збору подпісаў.

Завод узведзены на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». Тут планавалі наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

22 мая гэтага года акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» быў выведзены з-пад кантролю 1AK-Group. Падчас здзелкі было прададзена 100% доляў у статутным фондзе «АйПаўэр». У выніку ТАА атрымала найменне «Акумулятарны альянс». Новыя ўласнікі грамадства вядуць перамовы з шэрагам буйных еўрапейскіх інвестараў аб уваходжанні ў капітал завода.

Паводле дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб, статутны фонд новага ўладальніка ТАА «Акумулятарны альянс» складае 6,7 млн рублёў. 85% долі кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, 15% – Дзмітрыю Баскаву. Кагановіч з’яўляецца намеснікам дырэктара кампаніі «Сем пагоркаў бел», удзельнічаў у спаборніцтвах па хакеі з удзелам каманды прэзідэнта. Дзмітрый Баскаў – гендырэктар хакейнага клуба «Дынама-Менск» і трэнер каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасце і Берасцейскім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «Брастаўчанкі супраць свінцу», на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.

БелаПАН

Фота dw.com