Міліцыянтаў абмежавалі ў перамяшчэннях па краіне



Тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю пра тое, што міліцыі забаранілі выязджаць і заязджаць на Віцебшчыну. У МУС кажуць, што гэта датычыцца ўсіх рэгіёнаў, паведамляе TUT.BY.

„Гэта робіцца ў эпідэміялагічных мэтах: для пазбягання кантактаў, прафілактыкі, недапушчэння вірусных захворванняў”, — пракаментавала афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.

Крыніцы сцвярджаюць, што 27 сакавіка ім давялі распараджэнне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева. Яно выключае наведванне Віцебскай вобласці, а таксама выезд з яе. Афіцыйны прадстаўнік МУС пацвердзіла, што ў Віцебскім рэгіёне ёсць супрацоўнікі, у якіх можа быць захворванне. Цяпер яны знаходзяцца на абследаванні.

„Але гэта не кажа пра тое, што ў іх каронавірус і што праз гэта мы абмежавалі ўезд і выезд у вобласць. У першую чаргу гэта эпідэміялагічны складнік”, — зазначыла Вольга Чамаданава.