Міліцыянты будуць думаць, што далей рабіць з Яўгенам Скрабцом



Журналіст-фрылансер з Берасця Яўген Скрабец з паважлівых прычынаў не з’явіўся на размову ў Лунінецкі РАУС, куды выклікаўся 6 жніўня ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Яго вінавацяць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

– Пасля таго, як атрымаў гэтую паперу, я параіўся з адвакатам Беларускай асацыяцыі журналістаў, і яна мне паведаміла, што па гэтай позве, а гэта не зусім афіцыйная позва, бо павінна быць у ёй паведамлена пра наступствы неяўкі, тут няма гэтага, і слова “позва” мусіць быць напісана, таму адвакат БАЖу паведаміла, што ў прынцыпе я магу не з’яўляцца, калі маю паважную прычыну. Акурат у гэты дзень трохмесяцовага сына запісваў на масаж, пасля чаго ім паведаміў пра гэта. Яны патэлефанавалі ўвечары і спыталі, чаму я не прыехаў. Пасля гэтага міліцыянты сказалі: добра, будзьце на сувязі, будзем думаць, што з вамі далей рабіць.

Цяпер Яўген Скрабец чакае, што наступным крокам з боку праваахоўных органаў будзе яго выклік у суд, бо тэрмін даўніны па адміністрацыйнай справе мінае 18 жніўня.

Два месяцы таму Яўген Скрабец узяў інтэрв’ю у так званага «морквавага караля» – кіраўніка лунінецкай фермерскай гаспадаркі «Навіцкіх». Размова адбылася ў межах прэс-тура, арганізаванага мясцовай філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой і з’яўлецца Яўген Скрабец.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя