Міліцыянты пагражаюць адабраць у Барыса Хамайды пенсію – на штрафы



Найстарэйшага віцебскага апазіцыянера затрымалі на 3 гадзіны – у аддзел міліцыі Чыгуначнага раёну яго забралі ад дому №28 па вуліцы Леніна, дзе ён пад бел-чырвона-белым парасонам распаўсюджвае беларускія выданні.

Міліцыянты сказалі, што правядуць з ім прафілактычную гутарку. Так і атрымалася – пратаколаў пра затрыманне не складалі. Але намеснік начальніка Чыгуначнага РАУС прыгразіўся штодня яго затрымліваць, і ўрэшце – пазбавіць грошай на існаванне, распавёў Барыс Хамайда:

– Кажа, вы парушаеце закон – выходзіце з бел-чырвона-белай сімволікай. Я кажу, што і далей буду выходзіць. Ён кажа, што тады мяне кожнага разу будуць затрымліваць і штрафаваць, і ўся пенсія пойдзе на штрафы… Ён мне сваё, я яму – сваё, такая ў нас гутарка была.

Барыс Хамайда звярнуў увагу міліцыянтаў на тое, што ў яго і так забралі ўсё, што было бел-чырвона-белага: пасля мінулага затрымання ў Чыгуначным РАУС у яго забралі вышыванку з малітвай, стужкі, сцяжкі, паштоўку… Маёмасць не аддалі і дагэтуль, у спадара Барыса застаўся толькі бел-чырвона-белы парасон, пад якім ён штодня стаіць каля так званага “сіняга дому” ў цэнтры Віцебску. Апазіцыянер прыгадаў таксама, што падчас гутаркі ў пастарунку прагучала папярэджанне: маўляў, вы правакуеце прыхільнікаў дзейнай улады на гвалтўныя дзеянні. Зважаючы на тое, што спрэчкі з гараджанамі ў яго здараюцца даволі рэдка, Барыс Хамайда не выключае правакацый з боку прадстаўнікоў сілавых структур.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск