Міліцыянты збілі студэнта за беларускую мову
Студэнт распавёў пра тое, як і за што яго збівалі міліцыянты. У сеціве з’явілася відэа з расповедам, знятае Моладзевым звязам “Інтэрмарыюм”. Студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кастусь Ахроменка быў збіты 20-га снежня мінулага году. У відэа студэнт расказвае, што пасля чарговага канцэрту яны з сябрам зайшлі ў кавярню на вакзале ў Менску, праз некаторы час да іх падыйшлі міліцыянты, увагу якіх прыцягнула бутэлька з-пад гарэлкі, якая стаяла непадалёк. Студэнт патлумачыў, што бутэлька гэта не іхная. Тое, што Кастусь размаўляў па-беларуску, раззлавала міліцыянтаў:
– Яны патрабавалі, каб я размаўляў па-расейску. Я адказаў, што раз краіна называецца Беларусь, хоць нехта мусіць у гэтай краіне размаўляць па-беларуску.
Хлопцу зламалі нос, нагу, парвалі вусны. У такім стане, без медычнай дапамогі, Кастусь правёў ноч у ізалятары. Праз некалькі дзён ён зняў пабоі і напісаў заяву ў следчы камітэт, хоць і сумняецца ў яе справядлівым разглядзе.Нагадаем, што 25-га студзеня міліцыянты збілі журналіста партала TUT.BY Паўла Дабравольскага ў будынку суда пры выкананні прафесійных абавязкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з Ютуб