Міліцыю цікавіць, як адсвяткавалі Дзень Волі ў Берасці



Прадстаўнікоў праваахоўных органаў у Берасці цікавіць, чым займаўся 25 сакавіка на Дзень Волі старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі. З гэтай нагоды ён быў выкліканы ў апорны пункт для дачы тлумачэнняў. Больш за ўсё іх цікавіў распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў „За наш горад”, распавёў палітык:

– Мяне запрасіў участковы міліцыянт, запрасіў у апорны пункт па вуліцы Савецкай. Ён адразу патлумачыў, што трэба будзе даць тлумачэнні наконт распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў Дзень Волі ў Берасці. Я туды прыйшоў і даў тлумачэнні, што мы ў гэты дзень грамадскі парадак не парушалі, што дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам, што мы распаўсюджвалі нашы інфармацыйныя матэрыялы.

25 сакавіка берасцейскія прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) разам з актывістамі кампаніі „Гавары праўду!” ушанавалі памяць палітычнага і навуковага дзеяча БССР Аляксандра Цвікевіча. Яны раздалі на цэнтральных вуліцах Берасця і каля Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна бюлетэнь „За наш горад”, які быў прысвечаны лёсу дзеяча і яго ўнёску ў беларускую гісторыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце