„Мілкавіта” адмовілася ад іску да сваіх работнікаў



З рабочых малочнага цэха прадпрыемства „Мілкавіта” не будуць спаганяць 70 тысячаў даляраў нястачы. Падчас разгляду справы ў судзе Савецкага раёна Гомеля прадстаўнік акцыянернага таварыства адклікаў пазоў у дачыненні да 205 сваіх работнікаў. Адзін з рабочых „Мілкавіты” Віталь Палійчук заўважае, што зусім не сумняваўся ў такім фінале справы:

– Я не нанёс шкоды. Калі ласка, калі яны лічаць інакш, няхай дакажуць. Калі дакажуць, што я вінаваты, я заплачу. Але кампетэнтныя органы правялі расследаванне і ўстанавілі, што віны людзей тут няма.

Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка ў судзе прадстаўляў інтарэсы 4 работнікаў-сябраў арганізацыі.

– Усіх 205 работнікаў я віншую, асабліва віншую чатырох сяброў нашага прафсаюза, таму што ім прад’явілі па два сярэднія заробкі. Напрыклад грузчыку, сябру нашага прафсаюза, прад’явілі 1100 рублёў. Ён гаворыць, што гэта ў сярэднім складае два ягоныя заробкі. Навошта яму губляць такую суму? Я думаю, гэта не будзе лішнім у сям’і.  

У траўні 2017 года, у выніку праведзенай інвентарызацыі, на прадпрыемстве „Мілкавіта” была заўважаная нястача, сума якой перавысіла 140 тысяч беларускіх рублёў. Адказнасць за знікненне 500 тон малака кіраўніцтва прадпрыемства намагалася перакласці на работнікаў малочнага цэха, якія адмовіліся ў добраахвотным парадку вяртаць грошы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель