Мінабароны абвяргае інфармацыю пра засяленне лётчыкаў РФ



У Міністэрстве абароны Беларусі абверглі інфармацыю, якая з’явілася ў інтэрнэце, пра тое, што ў шэрагу гарнізонаў, дзе ёсць авіяцыйныя часці беларускай арміі, вызваленыя службовыя кватэры рыхтуюць да засялення расейскіх ваенных лётчыкаў і іх сем’яў. Таму сем’і беларускіх пілотаў, якія чакалі перасялення са здымнага жылля, вымушаныя зноў чакаць.

„Гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці”, — заявіў БелаПАН прэс-сакратар Мінабароны палкоўнік Уладзімір Макараў.

Напярэдадні „Беларускі партызан” размясціў ліст невядомай „жонкі беларускага лётчыка” з неназванага гарнізона, якая расказала аб сітуацыі, што склалася. Пры гэтым варта адзначыць, што, калі аўтар ліста сапраўды існуе, то ён з Ліды. Такую выснову можна зрабіць з тэксту паслання, у якім гаворыцца: „Ва ўпраўленні жыллёвага забеспячэння нам сказалі, што мы не адны такія — чарга застыла і ў Баранавічах, і ў Бабруйску, і ў Мачулішчах, там таксама трэба недзе размясціць сям’і расійскіх ваенных лётчыкаў”.

У Лідзе, Баранавічах і Мачулішчах — беларускія авіябазы. У Бабруйску — адноўлены аэрадром, дзе планавалася размясціць расейскую авіябазу. Размова пра гэта ішла да канца 2015 года. Потым беларускім бокам было заяўлена, што сэнсу ў стварэнні такой авіябазы няма.

У той жа час у 2013—2015 гадах на аэрадроме ў Баранавічах знаходзіліся расійскія знішчальнікі, якія сумесна з беларускімі ваеннымі неслі баявое дзяжурства па абароне заходніх паветраных межаў Саюзнай дзяржавы.

У сітуацыі, якая цяпер склалася, эксперты не выключаюць, што размова таксама можа ісці не пра стварэнне паўнавартаснай авіябазы, а пра размяшчэнне расейскай вайсковай авіяцыі на шэрагу беларускіх аэрадромаў.