Мінабароны адказала на зварот супраць „дзедаўшчыны”



Міністэрства абароны Беларусі адказала на калектыўны зварот грамадзянаў супраць „дзедаўшчыны” ў войску. Афіцыйны адказ размешчаны на Інтэрнэт-старонцы ведамства.

З дакумента вынікае, што асноўныя патрабаванні грамадскасці будуць выкананыя, то бок праведзеныя разбіральніцтвы і пакараныя вінаватыя. Але патрабаванне адстаўкі міністра Андрэя Раўкова, як зазначае суаўтар петыцыі Андрэй Стрыжак, ваенныя праігнаравалі:

– На жаль, салдаты ў войску гінуць. Гэта, можна пагадзіцца з вайскоўцамі, не надта звязана з прозвішчам міністра, бо гэта даволі траўманебяспечнае месца. І людзі там маюць справу са зброяй, з ізаляцыяй ад грамадства. І людзі, у якіх ёсць нейкія патэнцыйныя праблемы з псіхікай, рэальна больш уразлівыя. Ёсць больш рызыкі, што з імі нешта адбудзецца. Але гэта не кажа пра тое, што войска павінна здымаць з сябе адказнасць.

Петыцыя супраць „дзедаўшчыны” з’явілася пасля трагічнай гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы Печы. Агулам з рэсурсаў zvarot.by і petitions.by было накіравана ў Міністэрства абароны, Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта каля 13,5 тысячаў подпісаў грамадзянаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель