Мінабароны хоча ўвесці ваенрукоў у склад школьных адміністрацый



 Міністэрства абароны хоча дамагчыся павышэння статусу выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі аж да надзялення іх паўнамоцтвамі кіраўнікоў, заявіў на прэс-канферэнцыі 23 жніўня ў Менску начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Уладзімір Макараў.

Паводле яго слоў, у пачатку 1990-х гадоў сістэма пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, якая раней вялася ў школах, „вельмі сур’ёзна трансфармавалася, а па сутнасці была разбураная”.

„Цяпер пачатковая ваенная падрыхтоўка адбываецца непасрэдна ў войсках, — канстатаваў Макараў. — Праўда, ёсць дапрызыўная падрыхтоўка. Зараз вельмі шмат намі зроблена сумесна [з Міністэрствам адукацыі], у прыватнасці ў Ваеннай акадэміі два разы на год праходзяць спецыяльныя зборы для выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Аднак галоўная праблема ў тым, каб павысіць статус адпаведнага выкладчыка аж да статусу як мінімум намесніка дырэктара ўстановы адукацыі. Адпаведныя прапановы ёсць, яны прапрацоўваюцца”.

Прадстаўнік ваеннага ведамства таксама паведаміў, што Мінабароны разглядае магчымасць рэфармавання сістэмы навучання ў арміі з разлікам на тое, што ў школы вернецца практычная пачатковая ваенная падрыхтоўка.

„Будзем спрабаваць зрабіць гэтак жа, як шэраг краін, якія ўжо 45 гадоў як не вядуць ваенных дзеянняў, — сказаў ён, не ўдакладніўшы, што гэта за дзяржавы. — Яны выкрэсліваюць з праграмы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі непасрэдна ў арміі такія рэчы, як асновы балістыкі і іншае. Чаму? Таму што, пакуль маладыя людзі вучацца ў сярэдняй школе, яны атрымліваюць адпаведную пачатковую ваенную падрыхтоўку і цудоўна валодаюць фактычна ўсімі відамі зброі. У нас зроблена шмат, але нам трэба будзе зрабіць у гэтым кірунку значна больш”.

Разам з тым Макараў падкрэсліў, што ў Беларусі „выдатная моладзь”. „Проста для таго, каб працаваць з сучаснай моладдзю, трэба ведаць, што такое інтэрнэт, аўтамат Калашнікава і метафізіка. Метафізіка ў кантэксце таго, што гэта вышэйшае за цялеснае, фізічнае, тое, што звязанае з духоўнымі, маральнымі фактарамі. Гэтым цяпер мы займаемся”, — заявіў прадстаўнік Мінабароны.

belapan.by