Мінабароны паведаміла аб трох інфікаваных COVID-19 вайскоўцаў



Ва Узброеных сілах у трох ваеннаслужачых тэрміновай службы тэст на каронавірус даў станоўчы вынік, паведаміў тэлеканал ОНТ са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства абароны Наталлю Гаўрусік.

„Адзін выпадак — у салдата з 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра ў Печах. Цяпер ён знаходзіцца ў Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры ў Менску. Яго стан медыкі ацэньваюць як стабільны з тэндэнцыяй да паляпшэння. Яшчэ два выпадкі зарэгістраваныя ў салдатаў тэрміновай службы ў Бабруйску, яны змешчаныя ў гарадскую цэнтральную бальніцу. Вайскоўцы знаходзяцца ў здавальняючым стане і не маюць патрэбу ў падтрымцы лёгачнай дзейнасці”, — адзначыла Гаўрусік.

Паводле яе слоў, вайскоўцы з падраздзяленняў, з якімі служылі заражаныя байцы, ізаляваныя. „Некалькі тыдняў таму ў вайсковых часцях па ўсёй краіне прайшла трэніроўка, былі абсталяваныя раённыя ізалятары. У іх і змешчаныя вайскоўцы, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Так званыя палатачныя гарадкі забяспечаныя ўсім, каб вайскоўцы маглі аўтаномна ў іх пражываць: разгорнутая палявая кухня, працуюць лекары. У кантактаў першага ўзроўню ўзятыя пробы на каранавірус. Пакуль чакаем вынікаў. Акрамя таго, туды выехаў аўтамабіль з рэнтген-апаратам”, — паведаміла прадстаўнік Мінабароны.

Раніцай 17 красавіка Гаўрусік паведаміла БелаПАН, што салдат з Печаў быў шпіталізаваны з пнеўманіяй, узяты ў яго тэст на COVID-19 апынуўся станоўчым. 16 красавіка на два тыдні былі ізаляваныя ўсе вайскоўцы, якія служылі з захварэлым у падраздзяленні, — прыблізна 100 чалавек.

belapan.by