Мінабароны пракаментавала змены патрабаванняў да здароўя прызыўнікоў



Начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Беларусі Дзмітрый Альховік 9 лютага ў праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ пракаментаваў змену патрабаванняў да здароўя прызыўнікоў.

 

„Які прызыўнік нам патрэбны? Нам патрэбны прызыўнік, які будзе асвойваць праграму баявой падрыхтоўкі для таго, каб потым са зброяй у руках абараняць сваю радзіму, а не знаходзіцца на бальнічным ложку”, — заявіў Альховік.

Іншы падыход з пункту гледжання і ваенкаматаў, і медыцынскай службы, і Узброеных сіл — абсалютна не абгрунтаваны, падкрэсліў ён.

Пры гэтым Альховік заўважыў, што за апошнія дзесяць гадоў у медыцыне на парадак выраслі дыягнастычныя магчымасці, змяніліся лазеры пры правядзенні карэкцыі зроку і на парадак скараціліся тэрміны рэабілітацыі пасля правядзення гэтай працэдуры.

Паводле слоў прадстаўніка Мінабароны, агляд маладых людзей, якія раней былі прызнаныя па стане здароўя непрыгоднымі да службы і залічаныя ў запас, плануецца праводзіць планава: раз на тры гады. „На гэты момант не плануецца пазапланавы пераагляд”, — дадаў ён.

„Мы зацікаўленыя ў прыгодных прызыўніках — тых, якія на самай справе выканаюць усе задачы, якія на іх ускладзеныя”, — сказаў на заканчэнне Дзмітрый Альховік.

Сумесная пастанова міністэрстваў абароны і аховы здароўя аб змене патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з вайсковым абавязкам, была прынятая 3 студзеня.

Як паведамляла прэс-служба Мінабароны, дакумент прыняты ў тым ліку з мэтай удакладніць патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія падлягаюць прызыву на ваенную службу і службу ў рэзерве, а таксама якія праходзяць службу, па наступных класах захворванняў: захворванні апорна-рухальнага апарата і касцёва-мускульнай сістэмы; захворванні эндакрыннай сістэмы; расстройствы харчавання і парушэнні абмену рэчываў; захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія суправаджаюцца нязначнымі парушэннямі сардэчнага рытму.

„Таксама пастанова ўдасканальвае экспертныя падыходы ў сувязі з сучаснымі дасягненнямі медыцыны і карэктуе патрабаванні да стану здароўя па асобных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях”, — адзначалася ў рэлізе. Пры гэтым у Мінабароны падкрэслівалі, што „кардынальных змен у падыходзе да ацэнкі стану здароўя грамадзян пры прызыве на тэрміновую ваенную службу не ўнесена”.

Між тым, паводле інфармацыі сайта Цэнтра правоў прызыўніка, пастанова пашырае пералік захворванняў, пры наяўнасці якіх прызыўнік лічыцца прыдатным для службы ў войску. Адзначаецца, што прызыўнікі „пры прыпісцы і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, ваеннаабавязаныя без афіцэрскіх званняў пры прызыве на зборы, тыя, якія паступаюць на ваенную службу па кантракце не на афіцэрскую пасаду, і грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу”, цяпер на медаглядзе будуць прызнавацца прыгоднымі з наступнымі дыягназамі (пры пэўных ступенях): недастатковая маса цела, атлусценне II ступені, скаліёз II ступені, варыкоз ніжніх канечнасцяў, анамаліі прыкусу з разбежкай 5 мм, адзінкавыя камяні ў нырках, перанесеная лазеркаагуляцыя сятчаткі вока, дэфармавальны артроз, некаторыя захворванні сэрца і гэтак далей.

У некаторых выпадках будзе менш магчымасцяў атрымаць адтэрміноўку па стане здароўя або скарачаецца яе тэрмін.

Акрамя таго, будуць прызнавацца непрыгоднымі ў мірны час грамадзяне з ВІЧ-інфекцыяй у стадыі першасных праяў (стадыі 1, 2А, 2Б, 3), што дазволіць прызваць іх на ваенную службу па мабілізацыі.

На сайце адзначаецца, што змены „не закрануць грамадзян, якім у мірны час не трэба праходзіць медыцынскі агляд, напрыклад, ваеннаабявязаным, якія дасягнулі 27-гадовага ўзросту і раней былі прызнаныя непрыгоднымі, грамадзянам, прызнаным непрыгоднымі ў 24—27 гадоў, а таксама непрыгоднымі па артыкулах, якія вызваляюць ад пераагляду”.

БелаПАН