Мінабароны: У арміі няма ніводнаго выпадку заражэння каронавірусам



Ва Узброеных Сілах Беларусі няма ні аднаго выпадку заражэння каронавірусам. Пра гэта заявіў сёння, 30 сакавіка, журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін.

«У нас ніякай панікі няма. Мы планава праводзім усе мерапрыемствы, – сказаў Віктар Хрэнін. – На сённяшні дзень ва Узброеных Сілах няма ні аднаго выпадку заражэння каронавірусам».

Паводле яго слоў, у гэтыя дні на дзесяці палігонах Беларусі адпрацоўваюцца розныя мерапрыемствы, у іх задзейнічаны 7,5 тыс. вайскоўцаў. «Яны здаровыя і здольны выконваць задачы. Аднак мы не расслабляемся. Нашы санітарна-эпідэміялагічныя службы, медыкі знаходзяцца ў павышанай гатовасці», – запэўніў міністр абароны.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, міністра абароны Віктара Хрэніна і начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення – намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Паўла Ціханава. Размова ішла пра абстаноўку вакол беларускай мяжы ў сувязі з правядзеннем вучэнняў НАТА «Абаронца Еўропы 2020». Акрамя таго, кіраўнік Беларусі пацікавіўся станам спраў у беларускай арміі.

БелТА