Мінабароны: у Беларусі мерапрыемствы мабілізацыі не праводзяцца



У Беларусі людзі занепакоеныя частковай мабілізацыяй, якая праводзіцца ў Расеі — асабліва тыя, хто атрымлівае позвы. Ваенкамы на розных роўнях і ў розных СМІ тлумачаць, што мерапрыемствы планавыя. Сваё тлумачэнне выпусцілі і ў Мінабароны Беларусі.

«Цяпер ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь мерапрыемствы мабілізацыі не праводзяцца. Усе ваенныя зборы носяць планавы характар і загадзя зацверджаны спецыяльнымі прававымі актамі», – гаворыцца ў паведамленні.

Там адзначылі, што ваенныя камісарыяты працягваюць выконваць стандартную штодзённую працу — у тым ліку «ўлікова-прызыўную і мабілізацыйную працу», у межах якой рассылаюцца і ўручаюцца позвы прызыўнікам і ваеннаабавязаным, якія знаходзяцца ў запасе.

Нагадаем, частковая мабілізацыя была абвешчана ў Расеі 21 верасня. У зону баявых дзеянняў плануецца адправіць 300 тысяч рэзервістаў. Тэму мабілізацыі ў Расеі закрануў 23 верасня Аляксандр Лукашэнка, тады ён заявіў, што „не будзе ніякай мабілізацыі”.