Мінабароны змяніла план трэніровак удзельнікаў ваеннага парада



План трэніровак удзельнікаў ваеннага парада 9 траўня ў Менску зменены, паведаміла  афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік.

Так, запланаваная на вечар 29 красавіка трэніроўка механізаванай калоны без тэхнікі адбудзецца, але рух на ўчастку ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў перакрываць не будуць.

Трэніроўка роты ганаровай варты, прызначаная на 30 красавіка на праспекце Пераможцаў, пераносіцца на 5 і 6 траўня на тэрыторыю Менскай ваеннай камендатуры ў былым ваенным гарадку Уручча.

Адбудзецца як мінімум адна генеральная рэпетыцыя, аднак яе дата пакуль не вызначаная, паведаміла Гаўрусік.

Два пралёты паветранага эшалона над Заслаўскім вадасховішчам (Менскім морам) адбудуцца 30 красавіка, як і планавалася.

Як паведамлялася, Сусветная арганізацыя аховы здароўя па выніках наведвання Беларусі місіяй СААЗ 7–11 красавіка рэкамендавала ўладам краіны зрабіць агульнанацыянальныя захады па ўзмацненні фізічнага дыстанцыявання ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі COVID-19. «Сітуацыя выклікае заклапочанасць і патрабуе неадкладнай рэалізацыі ўсёабдымнай змяшанай стратэгіі», – падкрэсліваюць эксперты СААЗ і заклікаюць у ліку іншага перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы.

21 сакавіка ў міністэрствы абароны і аховы здароўя была накіраваная петыцыя, якую падпісалі больш за 7,3 тыс. інтэрнэт-карыстальнікаў, з патрабаваннем забараніць правядзенне ваеннага парада 9 мая ў Менску ў сувязі з пандэміяй COVID-19. У лісце ў адказ на петыцыю, які падпісаў 16 красавіка міністр абароны Віктар Хрэнін, гаворыцца, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі дазваляе Узброеным сілам праводзіць планавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі, да якіх адносіцца і падрыхтоўка і правядзенне парада.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў пасля нарады па барацьбе з каронавірусам, якая прайшла 13 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі, заявіў вузкаму колу журналістаў, што рашэнне па пытанні правядзення ў Менску ваеннага парада будзе прынятае бліжэй да 9 траўня. «Мы людзі ваенныя, парад ніхто не адмяняў. На сённяшні дзень сярод удзельнікаў парада, якія рыхтуюцца, ніводнага хворага няма. Я спадзяюся, што самападрыхтоўка, яна пройдзе без збояў. Усе захады, якія робяцца, дазваляюць нам гаварыць пра тое, што мы планава падыходзім да правядзення парада 9 траўня. Рашэнне, яно рашэнне палітычнае, яно будзе прынятае, ну, у залежнасці ад абстаноўкі, якая будзе складвацца бліжэй да парада», – сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

БелаПАН