Мінадукацыі абвергла інфармацыю пра перанос канікул (абноўлена)
Міністэрства адукацыі Беларусі абвергла інфармацыю аб пераносе школьных канікул.
На гэты момант афіцыйныя даты вясновых канікул — з 30 сакавіка па 4 красавіка, паведаміла Мінадукацыі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале. „Афіцыйнае рашэнне аб пераносе канікул пакуль не прынятае. Просім не распаўсюджваць недакладную інфармацыю ў СМІ, месенджарах і сацыяльных сетках”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пасля 18 гадзін у тэлеграм-канале міністэрства было апублікаванае дапаўненне: „Апошнім часам у інтэрнэце, у сацыяльных сетках і месенджарах з’явілася інфармацыя аб пераносе вясновых вакацый. Афіцыйна: графік навучальнага працэсу не змяняецца. Ніякіх падстаў для гэтага няма. Усе навучальныя ўстановы павінны працаваць у штатным рэжыме”.
Між тым 17 сакавіка некалькі чалавек, чые дзеці вучацца ў розных школах і гімназіях Менска, паведамілі БелаПАН, што іх абвясцілі аб пераносе пачатку вясновых школьных канікул на тыдзень раней, на 23 сакавіка. Паводле слоў бацькоў, такую інфармацыю яны атрымалі ад класных кіраўнікоў і прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі.
У каментары БелаПАН на пытанне, ці не з’яўляецца гэтая інфармацыя рашэннем асобных школ і гімназій, прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая заявіла: „Рашэнняў устаноў адукацыі асобных быць не павінна. Пераносу канікул не будзе. Пра гэта ж сёння сказаў міністр адукацыі [Ігар Карпенка]”.
* * *
Афіцыйнае рашэнне пра перанос канікул пакуль не прынята. Просім не распаўсюджваць недакладную інфармацыю ў СМІ, месенджары і сацыяльныя сеткі, паведамляе Мінадукацыі ў сваім тэлеграм-канале
На дадзены момант афіцыйная дата вясновых канікул – з 30 сакавіка па 4 красавіка.
Раней паведамлялася, што канікулы могуць пачацца з 23 сакавіка, на тыдзень раней.