Мінадукацыі бачыць рэзервы для змяншэння нагрузкі на беларускіх школьнікаў
Міністэрства адукацыі бачыць рэзервы для далейшага змяншэння нагрузкі на школьнікаў. Пра гэта 5 лютага заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка на пасяджэнні калегіі ведамства.
Паводле слоў Ігара Карпенкі, міністэрства бачыць «рэзерв для далейшага скарачэння нагрузкі на вучняў без шкоды для якасці адукацыі шляхам выкарыстання міжпрадметных сувязяў».
Скарачацца нагрузка будзе ў тым ліку за кошт магчымага сумяшчэння выпускных экзаменаў з ЦТ, праінфармаваў міністр. Ён прывёў даныя незалежнага даследавання: большасць апытаных бацькоў, настаўнікаў і вучняў выказалася за гэту прапанову. «Напрыклад, па адной з моў, рускай або беларускай, і па матэматыцы», – канкрэтызаваў міністр. Знайшла падтрымку і ідэя са здачай выпускнога экзамену па замежнай мове ў вуснай форме. «Нам неабходна толькі паскорыць гэту работу на ўзроўні экспертаў і адпаведных метадычных службаў. Трэба яшчэ раз прапрацаваць усё, узважыць і пачаць укараненне гэтага падыходу», – сказаў Ігар Карпенка.
Міністр лічыць неабходным адкарэктаваць вучэбную праграму па інфарматыцы. «Большасць сучасных дзяцей прыходзіць у школу, ужо валодаючы першаснымі навыкамі абыходжання з гаджэтамі», – адзначыў Ігар Карпенка. У школах сумесна з Паркам высокіх тэхналогій актыўна ўкараняецца STEM-адукацыя. «Тут неабходна распрацаваць адзіныя падыходы да яе арганізацыі і зместу», – лічыць ён.
Дзясятыя і адзінаццатыя класы з гэтага года могуць вучыць інфарматыку на базавым і павышаным узроўні. На думку міністра, такую магчымасць у рамках дадатковага профільнага навучання трэба даць восьмым і дзявятым класам. «І нават прадугледзець у гэтых класах вывучэнне некалькіх моў праграмавання», – дадаў міністр.
У 2019-2020 навучальным годзе па новых навучальных праграмах займаюцца вучні 1-9 класаў, у 8-9 класах школьнікі могуць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні.