Мінадукацыі патрабуе ўзмацніць санітарна-эпідэміялагічны кантроль
На тыдні ў Беларусі афіцыйна аб’явілі пра чацвёртую хвалю COVID-19. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі патрабуе ад падначаленых ведамству ўстаноў узмацніць санітарна-эпідэміялагічны кантроль. Без патрэбы не прапускаць у школы асобаў, якія не ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе і па магчымасці адмяняць масавыя мерапрыемствы.
„Пагаршэнне эпідсітуацыі ва ўстановах адукацыі цалкам залежыць ад пільнасці педагогаў і бацькоў”, – мяркуе настаўніца Таццяна Кубрак:
– Канешне ўжо ў класе кожны настаўнік-прадметнік, ён перш чым пачаць першы занятак, ён абавязкова пытае пра самаадчуванне. Хачу звярнуцца да бацькоў не толькі сваёй школы, сёння няпростая сітуацыя. Калі вы адчуваеце, што ваша дзіцё недзе пакашлівае, можа быць з насмаркам, не адпраўляйце яго гвалтоўна ў школу, паназірайце за ім напрацягу дня.
Вядома, што ўжо ў некаторых рэгіёнах краіны адміністрацыі школ пачалі адмаўляцца ад правядзення штогадовых масавых мерапрыемстваў з нагоды Дня настаўніка, які сёлета будзе адзначацца 3 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя