Мінадукацыі: Праблемы з беларускамоўным навучаннем няма
Бацькі маюць права выбраць любую з дзьвюх дзяржаўных моваў для адукацыі сваіх дзяцей, кажа кіраўніца ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная.
Але пры гэтым яна агаворваецца, што ўсё будзе залежыць ад таго, колькі бацькоў захочуць напісаць заявы, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску: дзеля аднаго дзіцяці ствараць клас не будуць:
– Зразумела, што дзве дзяржаўныя мовы, і кожны выбірае сваю. У нас, на самой справе, адкрываюцца беларускія класы і ёсць у дзіцячых садках беларускамоўныя групы. Абы было жаданне ў нашых бацькоў. Кадры ў нас падрыхтаваныя. Безумоўна, калі будзе адна заява, то напэўна вам прапануюць месца ў іншай школе, дзе фармуецца беларускі клас. У нас у Менску ёсць беларускамоўныя гімназіі, іх дастаткова.
У двухмільённай беларускай сталіцы зараз налічваецца 5 гімназій і 2 школы на беларускай мове.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя