Мінадукацыі прызнае недахоп беларускамоўных школ у гарадах



Міністэрства адукацыі ведае аб праблеме недастатковай колькасці школ з беларускай мовай навучання ў гарадах, заявіла на прэс-канферэнцыі 19 лютага ў Менску галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Ірына Булаўкіна.

Паводле слоў чыноўніка, у краіне дзейнічае 2.845 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з іх у 1.325 (46,6%) навучанне вядзецца па-беларуску.

Лік беларускамоўных устаноў адукацыі вялікі, але ў асноўным яны знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, — адзначыла яна. — У нас ёсць праблема з тым, каб установы сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання ствараліся ў абласных цэнтрах, гарадах, дзе колькасць такіх устаноў сярэдняй адукацыі нязначная”.

Мы бачым у гэтым праблему. Мы разглядаем гэтую праблему і вырашаем яе на нарадах, ставім задачы і заданні, адсочваем, як гэтае пытанне вырашаецца на месцах. Але ж вы ведаеце, што стварэнне устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і класаў з беларускай або рускай мовай навучання вырашаецца на мясцовым узроўні. Гэта значыць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымаюць гэтае рашэнне ў залежнасці ад эканамічнай сітуацыі, асаблівасцяў рэгіёна і ў адпаведнасці з тымі заявамі, якія падаюць бацькі„, — дадала Булаўкіна.

Прадстаўнік Мінадукацыі адзначыла, што на бацькоўскіх сходах, асабліва тых, якія праводзяцца перад фармаваннем першых класаў, людзям „заўсёды тлумачаць заканадаўства аб магчымасці выбару мовы навучання”. „Увага бацькоў звяртаецца на тое, што яны маюць права падаваць заяву [аб прыёме ў школу] з указаннем беларускай мовы навучання”, — сказала яна.

Паводле статыстыкі, апублікаванай на сайце міністэрства, у 2016/2017 навучальным годзе ў 1—11-х класах школ Беларусі навучалася прыкладна 967 тыс. дзяцей, з іх 128,6 тыс. (13,3%) — на беларускай мове.  БелаПАН