Мінадукацыі рэкамендуе школам не праводзіць выпускныя вечары
З усіх мерапрыемстваў завяршэння навучальнага года ў школах Міністэрства адукацыі рэкамендуе арганізаваць толькі ўручэнне атэстатаў і не праводзіць выпускныя вечары. Як гаворыцца ў лісце, размешчаным на сайце ведамства, гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне з-за распаўсюджвання COVID-19 і адпаведнымі рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.
Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі прапанавана ўручыць ва ўрачыстых умовах 10 або 11 чэрвеня.
У лісце Мінадукацыі адзначаецца, што рашэнне аб фармаце ўрачыстага ўручэння атэстатаў „у кожнай канкрэтнай установе адукацыі прымаецца кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і паводле ўзгаднення з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па падпарадкаванасці”.
Міністэрства рэкамендуе адміністрацыям школ правесці з вучнямі і іх бацькамі растлумачальную працу аб фармаце мерапрыемства.
„З мэтай мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных і іншых інфекцый рэкамендуецца прыняць дадатковыя меры па арганізацыі бяспекі і захавання здароўя навучэнцаў падчас правядзення мерапрыемства з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя. Таксама сумесна з органамі ўнутраных спраў забяспечыць захаванне правапарадку падчас яго правядзення”, — сказана ў лісце.
З-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 вясновыя канікулы сёлета былі працягнутыя на два тыдні: спачатку да 11-га, затым да 18 красавіка. 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці пачынаць навучальны працэс у школах 20 красавіка. Паводле інфармацыі Мінадукацыі, на заняткі ў першы дзень прыйшло 30—40% вучняў.
14 траўня міністр адукацыі Ігар Карпенка паведаміў журналістам, што цяпер на занятках у школах прысутнічае 41% навучэнцаў. Ён адзначыў, што наведванне ў школах адрозніваецца па рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасці. „Там значна больш школьнікаў на занятках. А ў Менску гэта прыкладна 27-28%”, — заявіў чыноўнік.
Паводле слоў кіраўніка Мінадукацыі, праблем з атэстацыяй школьнікаў няма. „Не трэба нагнятаць — пытанне чыста ў тэхналагічных аспектах. Схема ёсць, нічога не змянілася, і парадак атэстацыі ніхто не адмяняў, ён дзейнічае. Зноў жа, кожны настаўнік ведае сваіх падапечных і ацэніць у цэлым, як навучэнец на працягу ўсяго года паказваў веды. У спрэчных сітуацыях могуць быць індывідуальныя кансультацыі, сустрэчы ў шосты школьны дзень або па-за вучэбнымі заняткамі”, — сказаў Карпенка.
belapan.by
Фота rossonka.by