Мінадукацыі: Сёлета 11 класаў скончаць 55,4 тыс. чалавек
Сёлета школу скончаць 55,4 тыс. чалавек, паведаміла 20 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Фота polymia.by
Паводле яе слоў, на працягу шэрагу апошніх гадоў адзначаецца павелічэння кантынгенту навучэнцаў. У 2018/2019 навучальным годзе ў краіне працуюць 3.035 школ (на 32 менш, чым летась), у якіх вучацца больш за 1 млн дзяцей. Дзявяты клас сёлета заканчваюць 85,6 тыс. чалавек. У параўнанні з папярэднім навучальным годам колькасць выпускнікоў 9-х класаў вырасла на 600 чалавек, выпускнікоў 11-х, наадварот, скарацілася на 2,9 тыс.
Прадстаўнік міністэрства адзначыла, што школы закрываюць ў рэгіёнах, дзе малая колькасць вучняў, і наадварот, там, дзе ёсць неабходнасць, напрыклад у Менску, будуюцца новыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.
Апошні званок Мінадукацыі рэкамендуе правесці 29 або 30 траўня, выпускныя экзамены — з 1 па 8 чэрвеня, выпускныя вечарыны — 8 або 9 чэрвеня. Каржова нагадала, што выпускныя вечарыны павінны адбыцца на тэрыторыі школ. Іншыя месцы можна разглядаць, калі ў школе няма патрэбнага памяшкання.
Пералік прадметаў для выпускных экзаменаў застаўся такім жа, як летась. Не змянілася і форма правядзення выпрабаванняў. Выпускнікі 9-х класаў будуць здаваць тры абавязковыя экзамены 4, 6 і 8 чэрвеня: дыктоўку па рускай і беларускай мовах, кантрольную работу па матэматыцы. Выпускнікі 11-х класаў 1, 3, 5 і 7 чэрвеня пішуць пераказ па рускай ці беларускай мове, кантрольную работу па матэматыцы, а гісторыю Беларусі і замежную мову здаюць вусна.
На экзамен па матэматыцы ў 9-х класах даецца чатыры гадзіны, у 11-х — пяць гадзін. На дыктоўку даецца гадзіна, на пераказ — чатыры гадзiны.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, Каржова паведаміла, што прыблізна 65% выпускнікоў 9-х класаў працягваюць навучанне на трэцяй ступені школьнай адукацыі, астатнія паступаюць у ПТВ, ССНУ. Працэнт тых, хто пасля 9-х класаў нікуды не паступіў, вельмі малы — 0,1-0,2%. „Часцей за ўсё гэта маладыя людзі, у якіх ёсць праблемы са здароўем, альбо яны вымушаныя з-за жыццёвых абставін адразу шукаць працу, — адзначыла яна. — Жыццеўладкаванне пасля завяршэння школы знаходзіцца на кантролі і Міністэрства адукацыі, і органаў кіравання адукацыі на месцах. На месцах разглядаюць кожны канкрэтны выпадак”.
Прыблізна 60% выпускнікоў 11-х класаў паступаюць у ВНУ, 17—20% працягваюць адукацыю ў ПТВ і ССНУ, нейкая частка адразу ўладкоўваюцца на працу, некаторых прызываюць у войска. Прадстаўнік міністэрства не змагла адказаць, якая частка выпускнікоў школ з’язджаюць на вучобу за мяжу.
belapan.by