Мінадукацыі вызначыла ніжняе парогавае значэнне адзнак на ЦТ-2020
Мінадукацыі вызначыла адзнакі, якія лічацца нездавальняючымі па рэзультатах цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта прадугледжана пастановай міністэрства нумар 16 ад 3 сакавіка 2020 года, апублікаванай 12 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Па беларускай або рускай мовах нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 9 балаў (уключна), для спецыяльнасцей філалагічнага профілю – ад 0 да 24.
Па першым прадмеце профільнага іспыту – матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі – да нездавальняючых прыраўнаваны адзнакі ад 0 да 19 балаў (уключна). Ніжняе парогавае значэнне адзнак па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі (навейшы час), грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай) устаноўлена на ўзроўні ад 0 да 24 балаў (уключна).
Што датычыцца другога прадмета профільнага іспыту, то па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 9 балаў (уключна), па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі (навейшы час), геаграфіі, замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай , іспанскай, кітайскай) – ад 0 да 14 балаў (уключна).
Пры гэтым нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 6 балаў пры наборы ў сілавыя ВНУ: што знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінабароны, МНС і Дзяржпагранкамітэта. Таксама гэтыя парогі закрануць ваенныя факультэты, спецыяльнасці „вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”, „жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства”, „сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый”, „меліярацыя і водная гаспадарка”, „аграінжынерыя”. Размова ідзе пра такія прадметы, як беларуская або руская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (навейшы час), грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская).
На ЦТ-2019 ніжняе парогавае значэнне адзнак было аналагічным.