Мінадукацыі зацвердзіла даты правядзення цэнтралізаванага тэставання



Вызначаны графік правядзення цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) для выпускнікоў школ у 2021 годзе, паведаміла Міністэрства адукацыі.

ЦТ пачнецца 16 чэрвеня з тэста па беларускай мове. Другім прадметам выпрабаванняў стане руская мова — 18 і 19 чэрвеня. 21 чэрвеня выпускнікам трэба здаваць грамадазнаўства, 23 і 24 чэрвеня — матэматыку, 26 чэрвеня — біялогію.

Тэсты па замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) запланаваныя на 28 чэрвеня. Хімію трэба будзе здаваць 30 чэрвеня, фізіку — 2 ліпеня, гісторыю Беларусі — 4 ліпеня, геаграфію — 6 ліпеня, сусветную гісторыю (найноўшы час) — 8 ліпеня.

Вызначаныя рэзервовыя дні правядзення ЦТ: 14 і 16 ліпеня — па беларускай і рускай мовах, 14 і 18 ліпеня — па астатніх прадметах.

Час працы пунктаў рэгістрацыі для праходжання цэнтралізаванага тэставання з 9.00 да 19.00; у нядзелю 2 мая і суботнія дні (15, 29 мая) — з 9.00 да 18.00.

Тэрмін рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні — з 2 па 9 ліпеня.

Паводле інфармацыі Мінадукацыі, 2020/21 школьны навучальны год завершыцца 31 мая. Апошні званок для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў празвініць 29 мая.

Выпускныя экзамены пройдуць з 1 па 8 чэрвеня. Для 9-х класаў дні экзаменаў 2, 4 і 8 чэрвеня (беларуская мова (дыктоўка), руская мова (дыктоўка), матэматыка (кантрольная работа). Для 11-х класаў дні экзаменаў 1, 3 і 7 чэрвеня (беларуская мова (пераказ), руская мова (пераказ), матэматыка (кантрольная работа).

Выпускныя вечары для навучэнцаў 11-х класаў міністэрства рэкамендуе правесці 10 чэрвеня.

belapan.by

Фота з адкрытых крыніц