Мінадукацыі будзе кантраляваць якасць ведаў у школах



Міністр адукацыі Ігар Карпенка на пасяджэнні калегіі ведамства выказаў заклапочанасць з нагоды таго, што ў школах завышаюць адзнакі.

У мінулым годзе ў Беларусі ўпершыню прайшлі рэспубліканскія кантрольныя: па матэматыцы – у сёмым класе, па геаграфіі – у дзесятым. Такім чынам у Мінадукацыі хацелі даведацца, наколькі аб’ектыўна ацэньваюць веды школьнікаў. „Вынікі проста ўразілі. Па матэматыцы 60% вучняў не пацвердзілі адзнакі, выстаўленыя школьнымі настаўнікамі. Колькасць тых, хто атрымаў за рэспубліканскую кантрольную па матэматыцы 9-10 балаў, менш за 8%, 7-8 балаў – на 18%. Ёсць падстава задумацца, чаму ў школах завышаюцца адзнакі”, – канстатаваў міністр.

У гэтым навучальным годзе рэспубліканскія кантрольныя работы пройдуць у дзясятых класах па гісторыі Беларусі, матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Пісаць іх будуць у шэрагу школ, а таксама ва ўсіх гімназіях і ліцэях.

zviazda.by