У Менску затрыманы былы супрацоўнік банка, які падазраецца ў крадзяжы



У Менску затрыманы былы супрацоўнік аднаго са сталічных банкаў па падазрэнні ў крадзяжы 10 тысяч рублёў.

Як паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкама, падчас правядзення шэрагу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што былы банкаўскі супрацоўнік, маючы доступ да базы дадзеных, у якой захоўваліся нумары тэлефонаў кліентаў банка, у анлайн-рэжыме афармляў на іх крэдытныя дагаворы і ў наступным атрымліваў ад іх імя крэдыты. Атрыманыя грашовыя сродкі ён прайграваў у казіно.

Следчым камітэтам у дачыненні да былога супрацоўніка банка распачата справа па ч. 3 арт. 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі).

Санкцыя гэтай часткі артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Фігурант затрыманы і знаходзіцца ў следчым ізалятары.

belapan.by