Мінгарсуд адмовіў праваабаронцам у вырашэнні праблемы турэмных «вейчыкаў»



Менскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні прыватнай скаргі, якую падалі праваабаронцы «Магілёўскай вясны». Гэта азначае, што праблема турэмных «вейчыкаў» застаецца нявырашанай. Раней праваабаронцы «Магілёўскай вясны» падалі ў суд Маскоўскага раёна заяву, дзе патрабавалі ад Міністэрства ўнутраных спраў вырашыць праблему вейчыкаў – металічных жалюзі і пласцін, размешчаных на вокнах турмаў і следчых ізалятараў, якія перашкаджаюць пранікненню натуральнага святла ў камеру. Пасля адмовы суда ў сувязі з «непадведамаснасцю» справы, яны звярнуліся ў Менскі гарадскі суд. Судовае пасяджэнне адбылося напярэдадні.

У сваім выступе на судовым пасяджэнні праваабаронца «Магілёўскай Вясны» Аляксандр Буракоў адзначыў, што цяперашнія ўмовы ўтрымання асуджаных асобаў могуць быць прыраўнаваныя да катаванняў, бо яны наносяць пакуты і шкоду здароўю чалавека. Гэта парушае Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (якую Беларусь ратыфікавала). Рашэнне суда праваабаронцы плануюць абскардзіць далей, звярнуўшыся да старшыні Менскага гарадскога суда, а затым, калі спатрэбіцца, у Вярхоўны суд.

Беларускае Радыё Рацыя