Мінімум 14 чалавек знаходзяцца на Акрэсціна на паўторных «сутках»



Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у ізалятары на Акрэсціна цяпер знаходзіцца як мінімум 14 чалавек, на якіх складзены два і больш пратаколаў па «палітычных» адміністрацыйных артыкулах.

За апошні час рэкардсменамі па «сутках» сталі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. Мужа і жонку судзілі дзевяць разоў запар, складаючы новыя і новыя пратаколы па адным і тым жа артыкуле. Але яны не адзіныя, хто працяглы час утрымліваецца на Акрэсціна па адміністрацыйных артыкулах.

На дадзены момант праваабаронцам вядома мінімум пра 13 перазатрыманых мужчын і адну жанчыну, сярод якіх:

Яўген Люльковіч па пяці пратаколах асуджаны да 61 сутак. За кратамі ён знаходзіцца з 21 верасня.

Аляксандра Бембеля перазатрымлівалі яшчэ чатыры разы. У выніку, па пяці пратаколах па арт. 19.11 КаАП яго арыштавалі на 58 сутак.

Аляксандра Беладзеда з 1 кастрычніка паспелі асудзіць ужо па чатырох пратаколах. Агулам на Акрэсціна мужчына правядзе 51 суткі. Судзілі Аляксандра спачатку за непадпарадкаванне, а потым — тройчы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП.

Віталій Умрэйка быў асуджаны па трох пратаколах на 44 сутак.

Яшчэ дзесяць перазатрыманых менчукоў асуджаныя да 30 і болей сутак. Сярод іх — журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка, якіх днямі арыштавалі зноў на 15 сутак. Вядома, што іх выпускалі з Акрэсціна, але сваякі іх так і не пабачылі.