Мінінфарм папярэдзіў “Борисовские новости”
Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне незалежнай газеце «Борисовские новости» за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.
Заснавальнік газеты «Борисовские новости» і інфармацыйнага рэсурсу Borisovnews.by кампанія «Букас медыя-цэнтр» абвінавачаная ў парушэнні артыкулу 38 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» — «Інфармацыя, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі забаронены». Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Ведамства лічыць, што рэдакцыя газеты парушыла палажэнні артыкула 8 Закона «Аб масавых мерапрыемствах», размясціўшы ў артыкуле «Рассерженные люди выйдут на площадь» (№ 40 (1324) ад 4 кастрычніка 2017 года) інфармацыю наступнага зместу:
«Відэаролік заканчваецца заклікам паўдзельнічаць у чарговым Маршы абураных беларусаў 2.0, які плануюць правесці лідары Беларускага нацыянальнага кангрэсу 21 кастрычніка, а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску».
Гэтая ж норма Закона «Аб масавых мерапрыемствах», на думку Мінінфарма, была парушана размяшчэннем 25 жніўня на інтэрнэт-рэсурсе borisovnews.by у артыкуле «Военные РФ прибыли в Печи» такіх звестак:
«…Таму былы палітзняволены Мікола Статкевіч, адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян сабрацца 8 верасня, а 19-й гадзіне ў Менску на Кастрычніцкай плошчы і правесці акцыю папярэджання з патрабаваннем адмены вучэнняў «Захад-2017».
Як вынікае з тэксту папярэджання, Міністэрства інфармацыі дзейнічала з улікам пазіцыі Міністэрства ўнутраных спраў. Дакумент падпісаны міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Ён запатрабаваў выправіць парушэнні цягам васьмі дзён.
28 лістапада галоўны рэдактар газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас быў выкліканы ў РУУС Барысаўскага раёна для «працэсуальных дзеянняў» у справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, звязанай з пісьмовым папярэджаннем Міністэрства інфармацыі. Суд адбудзецца найбліжэйшымі днямі.
Паводле news.21.by