Мінінфарм забараніў тэлеканал Euronews



Міністэрства інфармацыі 12 красавіка выключыла тэлеканал Euronews са спіса замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія могуць распаўсюджвацца ў Беларусі.

На сайце міністэрства паведамляецца, што тэрмін дзеяння раней выдадзенага Euronews дазволу на вяшчанне ў Беларусі мінуў. Разам з тым, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, дагавор з тэлеканалам не працягнуты з-за „выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе”.

Гледачы паведамілі, што ў некаторых сетках, у прыватнасці VOKA і МТІС, Euronews пакуль вяшчае.

У Мінінфарме таксама паведамілі, што з 12 красавіка ў краіне пачынаецца вяшчанне расейскага тэлеканала „Победа” — праекта, створанага Першым каналам да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

„Победа” транслюе „класіку савецкага ваеннага кіно, расійскія фільмы і серыялы, дакументальныя праграмы пра Вялікую Айчынную вайну, сведчанні ветэранаў, інтэрв`ю з гісторыкамі і экспертамі, а таксама знаходкі і адкрыцці пошукавых атрадаў”.

„Тэлепраграма „Победа” расказвае пра самую важную падзею ў гісторыі апошняга стагоддзя — перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Спадзяемся, новая праграма ваенна-патрыятычнай накіраванасці знойдзе годны водгук у душах і сэрцах нашых гледачоў і асабліва ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”, — адзначылі ў Мінінфарме.

belapan.by