Мінінфарм заблакаваў «Беларускі партызан»
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі прыняла рашэнне абмежаваць доступ да сайта «Беларускі партызан».
«У рамках ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб СМІ Міністэрствам інфармацыі на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 511 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу belaruspartisan.org.
Гэтае рашэнне прынята па выніках маніторынгу рэсурса, які выявіў сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
На ўказаным інфармацыйным рэсурсе, размешчаным за межамі нацыянальнага сегмента інтэрнэту, рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх змяшчаецца забароненая інфармацыя», — паведамляецца на сайце Міністэрства інфармацыі.
Асноўныя інтэрнэт-правайдары ўжо заблакавалі сайт.
Напрыклад, кліентам «Белтэлекама» адлюстроўваецца паведамленне пра тое, што «рэсурс заблакаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі».
Не могуць адкрыць сайт і карыстальнікі мабільным аператараў — МТС, «velcom» і «life».
Пры гэтым з-за мяжы ці з дапамагой ананімазайраў сайт адкрываецца без праблем.
Паводле belaruspartisan.org