Мінінфарм зарэгістраваў tut.by як сеткавае выданне
Міністэрства інфармацыі 21 студзеня зарэгістравала сеткавае выданне tut.by, паведамляе сайт ведамства.
У адпаведнасці з законам „Аб сродках масавай інфармацыі” сеткавыя выданні надзяляюцца ўсімі правамі і нясуць абавязкі сродкаў масавай інфармацыі, адзначае Мінінфарм.
Як паведаміла БелаПАН галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, дакументы на рэгістрацыю былі пададзеныя ў пачатку студзеня. „Сёння паедзем атрымліваць пасведчанне”, — сказала яна.
Золатава адзначыла, што статус сеткавага выдання мае „як свае плюсы, так і мінусы”. „З мінусаў гэта значна больш важкія штрафы і адказнасць, а з плюсоў, я спадзяюся, — цывілізаваная праца на масавых мерапрыемствах, напрыклад, — сказала яна. — Калі інтэрнэт-рэсурс не з’яўляецца сеткавым выданнем, яго супрацоўнік не мае статусу журналіста. Адпаведна, калі ён працуе на нейкім несанкцыянаваным мерапрыемстве, не зразумела, як будзе расцэненае асвятленне гэтага мерапрыемства і як будуць паводзіць сябе ў адносінах да яго праваахоўныя органы”.
Таму, упэўненая Золатава, статус журналіста ў такіх выпадках вельмі важны.
Галоўны рэдактар таксама разлічвае, што рэгістрацыя аблегчыць узаемадзеянне рэдакцыі з дзяржорганамі. „Нам не раз даводзілася чуць, што мы не СМІ, нягледзячы на тое што ў нас мільённая аўдыторыя. Цяпер мы можам заявіць, што мы СМІ, і будзем мець магчымасць больш цывілізавана працаваць”, — падагульніла кіраўнік рэдакцыі партала.
Фота TUT.by