Мінінфармацыі абмежавала доступ да 9 інтэрнэт-рэсурсаў



Міністэрства інфармацыі ў лістападзе абмежавала доступ да дзевяці інтэрнэт-рэсурсаў (іх складаных частак).

Як паведамляе сайт Мінінфарма, рашэнні аб абмежаванні доступу да рэсурсаў прынятыя на падставе артыкулаў 38 і 511 закона „Аб сродках масавай інфармацыі”.

За распаўсюджванне інфармацыі, скіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, абмежаваны доступ да двух інфармацыйных рэсурсаў, за прапаганду парнаграфіі — да аднаго інфармацыйнага рэсурсу.

На падставе пісьмовых апавяшчэнняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абмежаваны доступ да шасці інфармацыйных рэсурсаў (dengitut3.by, immigrant.by, bn.by, belaruscity.net/minsk/photo-22619.html, займ-под-залог.бел, belarusgo.com) за размяшчэнне неналежнай рэкламы.

У лістападзе таксама пісьмова папярэджаны рэдакцыя газеты „Борисовские новости” і ўладальнік інфармацыйнага рэсурсу borisovnews.by за парушэнне патрабаванняў артыкула 38 закона „Аб сродках масавай інфармацыі” (інфармацыя, распаўсюджванне якой у СМІ забароненае ).

Нагадаем, у дакуменце за подпісам міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча ад 20 лістапада адзначалася, што ў адпаведнасці з законам „Аб масавых мерапрыемствах” да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатары, а таксама іншыя асобы не маюць права абвяшчаць у СМІ, інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках дату, месца і час яго правядзення. Нягледзячы на гэта, рэдакцыя газеты размясціла 4 кастрычніка ў артыкуле „Абураныя людзі выйдуць на плошчу” інфармацыю наступнага зместу: „Відэаролік заканчваецца заклікам паўдзельнічаць у чарговым Маршы абураных беларусаў 2.0, які плануюць правесці лідары Беларускага нацыянальнага кангрэса”.

Таксама міністэрства палічыла парушэннем закона размяшчэнне на інтэрнэт-рэсурсе borisovnews.by 25 жніўня ў артыкуле „Вайскоўцы РФ прыбылі ў Печы” інфармацыі наступнага зместу: „Таму былы палітвязень Мікалай Статкевіч, адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса, заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян сабрацца 8 верасня а 19-й гадзіне ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы і правесці Акцыю папярэджання з патрабаваннем адмены вучэнняў „Захад-2017”.

Пазней галоўны рэдактар „Борисовских новостей” Анатоль Букас быў аштрафаваны судом Барысаўскага раёна на 15 базавых велічынь за распаўсюджванне інфармацыі аб правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КоАП).

belapan.com