Мінінфармацыі вынесла папярэджанні і дзяржаўным выданням
Услед за недзяржаўнымі Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні і дзяржаўным выданням. Як вынікае з ліста намесніка міністра Уладзіміра Матусевіча прэс-сакратару «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Барысу Гарэцкаму, пісьмовыя папярэджанні вынесеныя часопісу «Вожык» і баранавіцкай газеце „Наш край”. Папярэджанні вынесеныя за выкарыстанне скарачэння «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь», – кажа Барыс Гарэцкі.
– Я асабіста звярнуўся з запатым ў Мінінфармацыю, ці выносілі дзяржаўным выданнем папярэджанні за такое. Сёння стала вядома, што сапраўды і дзяржаўныя выданні атрымалі папярэджанні. Адно толькі застаецца невядомым, ці атрымала папярэджанне газета “Рэспубліка”. Лічым гэтыя папярэджанні абсурднымі. Прыдзірацца да такіх дробязяў… фактычна тады ў кожным нумары, у кожным слове можна шукаць падставу для папярэджання. На мой погляд, папярэджанне павінна выносіцца ў выпадку грубага парушэння заканадаўства з боку СМІ. Такіх грубых парушэнняў даўно ўжо недзяржаўныя выданні не дазваляюць сабе.
У лютым і сакавіку Міністэрства інфармацыі вынесла афіцыйныя папярэджанні адразу шэрагу рэгіянальных недзяржаўных выданняў, абвінаваціўшы іх у незаконным скарачэнні «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь» у выходных дадзеных. Падобныя скарачэнні журналісты заўважылі і ў выданнях, заснавальнікамі якіх выступаюць дзяржаўныя органы ўлады, аб чым і паведамілі ў Міністэрства.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя