Міністэрства аховы здароўя адсочыць гранічныя цэны ў аптэках



Міністэрства аховы здароўя будзе прымаць строгія меры ў дачыненні да аптэчных сетак, якія не выконваюць дамоўленасці аб узгодненых рэкамендуемых гранічных цэнах на лекавую прадукцыю. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела арганізацыі лекавага забеспячэння ведамства Наталля Малашка 5 кастрычніка на пасяджэнні рабочай групы па пытанні аналізу рынку лекавых прэпаратаў Міністэрства аховы здароўя.

„Мы кантралюем цэны, супрацоўнічаем па гэтым пытанні з парталам Tabletka.by, самі адсочваем і хачу адзначыць, што павялічылася колькасць аптэк, якія не выконваюць пералік рэкамендуемых гранічных цэн на лекавыя сродкі, — сказала яна. — Да такіх суб’ектаў мы будзем прымаць больш строгія меры, а не толькі папярэджваць, як рабілі раней”.

Таксама яна паведаміла, што ў Беларусь вярнулася практыка падвойных цэн на лекі. „Гэта маркетынгавы ход аптэчных сетак, у якіх танных лекаў няма, а на сайце Tabletka.by яны выстаўляюць асартыментны рад ад самай нізкай цэны, куды і падае адразу погляд пакупніка. Мы не паленаваліся, прайшліся па такіх аптэках і высветлілі, што танных лекаў няма, ёсць больш дарагія”.

Малашка падкрэсліла: Міністэрства аховы здароўя будзе змагацца за тое, каб ніякіх падвойных коштаў не было. „Нельга, каб людзі прыходзілі за танным лекамі, а ім адказвалі, што такога ўжо няма, вазьміце больш дарагія”, — сказала яна.

Адказваючы на пытанне журналістаў, чаму ў суседніх краінах, Польшчы і Украіне, цана на імпартныя лекавыя сродкі ў два разы ніжэйшая, прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя заявіла: „У Беларусі зарэгістравана 4,7 тыс. найменняў лекавых сродкаў. З іх толькі 4% даражэйшыя, чым у той жа Польшчы. Гэта ўсяго 200 пазіцый. І тут гаворка ідзе пра канкрэтныя гандлёвыя назвы дарагіх генерыкаў ці арыгінальных прэпаратаў. У нас у краіне ёсць больш танныя аналагі, чым у сумежных краінах, і любы можа іх набыць. Іншая справа, што тыя дарагія лекі у людзей на слыху”.

belapan.by